Зніч, дэманы і русалкі: у Вайберы з'явіўся стыкерпак на аснове беларускіх міфаў

У Вайберы з'явіўся новы брутальны стыкерпак "Беларускія міфы" з традыцыйнымі беларускімі міфічнымі істотамі: старадаўнімі багамі, дамавікамі і русалкамі.

7 апреля 2022 в 17:42
image

Персанажы запазычаны ў самага знакамітага і містычнага беларускага графіка, заслужанага мастака Беларусі Валерыя Славука. Менавіта ён амаль 30 гадоў таму стварыў харызматычныя вобразы Злыдня, Зніча, Дзікіх людзей.

Напэўна, многім гэтыя вобразы пададуцца знаёмымі - Валерый Славук ілюстраваў як дзіцячыя кнігі, так і энцыклапедыі. Дарэчы, арыгіналы часткі гэтых работ захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, а таксама ў прыватных галерэях па ўсім свеце!

Мяркуючы па ўсім, стыкерпак арыентаваны на аўдыторыю, якая цікавіцца нацыянальнай гісторыяй і культурай. А сёння беларускі пантэон добра ўпісаўся ў бягучы гістарычны момант з яго запытам на нацыянальную ідэнтыфікацыю. Стыкерпак можна спампаваць у Viber.

Цікава, што ўладальнікам стыкерпака з'яўляецца не Валерый Славук, мастак толькі даў дазвол на выкарыстанне яго вобразаў.